ПЕДАГАГІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці развіцця чалавека ў працэсе навучання і выхавання, распрацоўвае псіхал. асновы гэтага працэсу. Як самастойная галіна ведаў пачала складвацца ў сярэдзіне 19 ст., а інтэнсіўна развівацца з 1880-х г. Тэрмін прапанаваў П.Ф.Капцераў у 1874. У структуру П.п. ўваходзяць: псіхалогія выхавання (вывучае змест матывацыйнай сферы асобы дзіцяці, яе накіраванасць, каштоўнасныя арыентацыі, маральныя ўстаноўкі, адрозненні ў самасвядомасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў розных умовах і інш.); псіхалогія навучання (даследуе развіццё пазнавальнай дзейнасці асобы ва ўмовах сістэматычнага навучання); псіхалогія настаўніка (вывучае псіхал. аспекты фарміравання прафес. пед. дзейнасці і тыя асаблівасці асобы, якія спрыяюць або перашкаджаюць гэтай дзейнасці). Вынікі псіхолага-пед. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры канструяванні зместу і метадаў адукацыі, стварэнні вучэбных дапаможнікаў, распрацоўцы сродкаў дыягностыкі і карэкцыі псіхічнага развіцця асобы. Гл. таксама Псіхалогія.
Літ.:
Стоунс Э. Психопедагогика: Пер. с англ. М., 1984;
Менчинская Н.А. Проблемы учения и умственного развития школьника. М., 1989.
т. 12, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)